Microsoft Corporation — амерыканская транснацыянальная тэхналагічная карпарацыя. Найбуйнейшы ў свеце стваральнік праграмнага забеспячэння, станам на 2024 год мае 228 тысяч супрацоўнікаў у 102 краінах свету[10]. Штаб-кватэра знаходзіцца ў карпаратыўным кампусе ў Рэдмандзе, штат Вашынгтон.
Кампанія вядомая такімі прадуктамі як аперацыйная сістэма Microsoft Windows і пакет праграм Microsoft Office. Акрамя гэтага Microsoft валодае буйнымі кампаніямі з іншых сектараў рынку, такімі як платформа воблачных вылічэнняў Microsoft Azure, пошукавая сістэма Bing і прафесійная сацыяльная сетка LinkedIn. Кампанія стварае ўласныя камп’ютары Microsoft Surface і гульнявыя прыстаўкі серыі Xbox. Таксама Microsoft валодае значнай доляй кампаніі-даследчыка штучнага інтэлекта OpenAI[11].
Microsoft належыць да Вялікай пяцёркі амерыканскіх тэхналагічных карпарацый разам з Alphabet, Amazon, Apple і Meta. У красавіку 2019 года Microsoft дасягнула рынкавай капіталізацыі ў трыльён долараў, стаўшы трэцяй публічнай кампаніяй у ЗША, ацэненай у 1 трыльён долараў.
Microsoft неаднаразова абвінавачвалі ў манапалізацыі рынку, а праграмнае забеспячэнне кампаніі крытыкавалі за праблемы з бяспекай і якасцю.
© MMXXIII Rich X Search. We shall prevail. All rights reserved. Rich X Search