ZX Spectrum

арыгінальны ZX Spectrum 48K

ZX Spectrum — 8-разрадны хатні камп’ютар, створаны англійскай кампаніяй Sinclair Research на аснове мікрапрацэсара Z80 фірмы «Zilog». У працэсе распрацоўкі камп’ютар называўся «ZX81 Colour» і «ZX82»[1], назва «ZX Spectrum» мусіла падкрэсліць адно з галоўных адрозненняў ад яго папярэдніка ZX81 — каляровую выяву. Прыхільнікі гэтага камп’ютара часта называюць яго «Спэкі» (англ.: Speccy).

На пачатку 1980-х «ZX Spectrum» быў адным з найпапулярнейшых камп’ютараў у Еўропе (яго шматлікія клоны на пачатку 1990-х займелі шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі былога СССР/СНД). Дзякуючы невысокаму кошту за першыя 17 месяцаў было прададзена больш за мільён гэтых машын. Нізкі кошт быў абумоўлены шэрагам фактараў: выкарыстаннем тэхналогіі ULA (Uncommitted Logic Array), з дапамогай якой большая частка схемы змяшчалася ў адным чыпе; нізкімі тэхнічнымі і карыстальніцкімі характарыстыкамі ў параўнанні з даражэйшымі камп’ютарамі; выкарыстаннем бытавога тэлевізара як манітора і касетнага магнітафона як знешняга накапляльніка[2].

У 1980-х асноўным канкурэнтам ZX Spectrum на еўрапейскім рынку быў Commodore 64. Іншымі значнымі супернікамі былі 8-бітныя Atari, BBC Micro, Amstrad CPC і ў некаторых краінах MSX.

  1. specLOGO02 і specModel01 у фотаархіве Рыка Дыкінсана
  2. Vickers, Steven and Bradbeer, Robin. 6. Using the cassette recorder // Sinclair ZX Spectrum: Introduction. — Sinclair Research Ltd, 1982. — 21 с.

© MMXXIII Rich X Search. We shall prevail. All rights reserved. Rich X Search